WorldSkills Asia: прастора для дыпламатыі

У чацвер скончыліся спаборніцтвы на чэмпіянаце WorldSkills Asia – Абу-Дабі 2018. Тры дні напружанай работы былі напоўнены разнастайнымі эмоцыямі і роздумамі, аднак праляцелі, як адно імгненне. Зараз настаў час падводзіць вынікі, рэфлексіраваць і будаваць планы на сусветны чэмпіянат WorldSkills, які пройдзе ў жніўні 2019 года ў Казані.

 

Беларускія ўдзельнікі, як і прадстаўнікі іншых неазіяцкіх краін, выступалі ў чэмпіянаце WorldSkills Asia па-за конкурсам, і іх рэзультаты не адлюстроўваюцца ў агульным рэйтынгу. Гэтая акалічнасць, вядома, аказала ўплыў на медальныя чаканні нашых канкурсантаў, але ў астатнім каманда дасягнула сваіх мэт.

Удзельнікі выпрабавалі свае сілы ў жорсткіх умовах спаборніцтва – са складанымі заданнямі, часавымі абмежаваннямі, строгім падыходам да якасці работы і моцнай канкурэнцыяй. Пагадзіцеся: адна справа – выйграць беларускі чэмпіянат, і зусім іншая – калі выходзіш на сусветны ўзровень. Тут ужо пачынаецца барацьба не толькі навыкаў і талентаў, але і тэхналогій, матэрыялаў, падыходаў. І гэта ўжо задача трэнера – ведаць тэхнічны рэгламент чэмпіянату, разумець усе трэнды сучаснай прамысловасці і вучыць канкурсанта ўсяму новаму і прагрэсіўнаму, што ёсць у свеце.

Чэмпіянат WorldSkills Asia стаў выдатнай пляцоўкай для ўзаемін і абмену вопытам паміж спецыялістамі розных краін. Ну хто з нас, напрыклад, будзе адмыслова вывучаць прафесійную адукацыю Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Індыі ці Бахрэйна? А ў выставачным цэнтры Adnec людзі задавалі адно аднаму пытанні, спрачаліся, жартавалі. І шукалі магчымыя шляхі ўзаемадзеяння.

Па шэрагу кампетэнцый беларускія ўдзельнікі былі адзінымі неазіятамі, таму цікавасць да нашай краіны аказалася вельмі вялікай. Нават мне даводзілася ўступаць у размовы і расказваць аб Беларусі, не кажучы ўжо пра нашых удзельнікаў і экспертаў, якія працавалі на конкурсных пляцоўках. У гэтыя дні сотні ці нават тысячы людзей даведаліся пра цудоўную краіну ў цэнтры Еўропы з аповедаў яе таленавітых прадстаўнкоў.

Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі ў рамках чэмпіянату правёў цэлы шэраг афіцыйных сустрэч. У прыватнасці, адбылася размова з генеральным дырэктарам Цэнтра тэхнічнай і прафесійнай адукацыі і навучання Абу-Дабі прэзідэнтам асацыяцыі WorldSkills Asia Мубаракам Саідам Аль Шамсі.

- Мы дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва праз рух WorldSkills, - паведаміў Валерый Мікалаевіч. - Гаворка ішла пра ўдзел нашых каманд у WorldSkills Asia і нацыянальных чэмпіянатах. Адначасова мы прапанавалі эмірацкаму боку прыслаць каманду ААЭ на наш нацыянальны чэмпіянат. Дамовіліся аб падрыхтоўцы візіта Мубарака Саіда Аль Шамсі ў Беларусь, для таго каб ён азнаёміўся з развіццём нашай прафесійнай адукацыі. Абмеркавалі магчымасць стажыровак для выкладчыкаў каледжаў ААЭ ў Беларусі і беларускіх выкладчыкаў - у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Мубарак Саід Аль Шамсі праявіў асаблівую цікавасць у дачыненні да Цэнтра па аднаўляльнай энергетыцы “ЭкаТэхнаПарк - Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

- Нафта не бясконцая, - гаворыць Валерый Мікалаевіч. - Як заўважыў на адкрыцці чэмпіяната спадар Аль Шамсі, ужо да 2050 года ў краіне можа быць выкачаны апошні барэль. Наколькі гэта будзе добра ці дрэнна – залежыць ад прынятых сёння рашэнняў. І краіна ўзяла сур’ёзны курс на сыход ад нафтавай залежнасці да інфармацыйных тэхналогій, аднаўляльнай энергетыкі і таго, што сёння ў трэндзе па ўсім свеце. Улічваючы, што ў Беларусі ёсць рэсурсныя цэнтры, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, мы гатовы супрацоўнічаць у пытаннях падрыхтоўкі педагагічных работнікаў з ААЭ, ажыццяўляць абмен методыкамі, праграмамі.

Валерый Галубоўскі правёў таксама дзелавыя сустрэчы з афіцыйнымі дэлегатамі WorldSkills Asia з Егіпта, Кітая і іншых краін. І ён кожны дзень наведваў конкурсныя пляцоўкі, дзе працавалі нашы ўдзельнікі і эксперты. Гаварылі пра тое, што атрымалася на чэмпіянаце, што – не.

- Усе праблемы трэба разглядаць як кропкі росту, - заўважыў Валерый Мікалаевіч. – Таму неабходна ўважліва прааналізаваць хібы, выяўленыя падчас выступлення ў Абу-Дабі, і ўжо з улікам гэтага весці падрыхтоўку да міжнароднага чэмпіянату ў Казані.

***

У пятніцу вечарам у выставачным цэнтры Adnec адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцця чэмпіянату WorldSkills Asia, у якой прымуць удзел і прадстаўнікі беларускай каманды. Так, гэта было няпростае спаборніцтва, але ўдзельнікі і эксперты годна вытрымалі ўсе выпрабаванні. Вельмі важная рэпетыцыя напярэдадні міжнароднага чэмпіянату прайшла паспяхова.

Дарэчы, развітваючыся, удзельнікі з розных краін паціскалі адзін аднаму рукі са словамі: “See you in Kazan!” – напамін пра радасць хуткай сустрэчы і тое, што барацьба не завершана.