Як выхоўваюцца прафесіяналы

Завяршыўся другі спаборніцкі дзень чэмпіянату WorldSkills Asia. Ужо па прыездзе нашай каманды ў Абу-Дабі з’явілася інфармацыя, што неазіяцкія ўдзельнікі - Беларусь, Германія, Бельгія, Фінляндыя, ЗША, Бразілія, Егіпет і нават Расія - выступаюць па-за конкурсам. Пасля таго, як гэта інфармацыя атрымала афіцыйнае пацвярджэнне, з медальнымі надзеямі давялося развітацца. Зрэшты, медалі і не былі галоўнай мэтай беларускай каманды ў Абу-Дабі. Удзельнікам трэба набірацца вопыту перад галоўным стартам – міжнародным чэмпіянатам WorldSkills, які ў 2019 годзе пройдзе ў Казані (Расія).

 

Студэнт 4 курса Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ Уладзіслаў Краўцоў, верагодна, самы малады эксперт на чэмпіянаце WorldSkills Asia. Два гады таму ён стаў прызёрам беларускага чэмпіянату прафесійнага майстэрства, пазней удзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах у Расіі і Кітаі. Летась выступаў у міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі ў якасці канкурсанта і вось цяпер прыехаў у гэты горад як эксперт. І гэта, дарэчы, не дэбют Уладзіслава ў сур’ёзнай прафесійнай супольнасці. Дагэтуль ён ужо працаваў тэхнічным экспертам у нацыянальным чэмпіянаце і ў Еўразійскім чэмпіянаце WorldSkills  у расійскім Екацярынбургу. Прыемна назіраць, як малады беларус працуе на пляцоўцы кампетэнцыі “Мантаж электраабсталявання” побач з вопытнымі спецыялістамі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Індыі, Малайзіі, Інданезіі, Кітайскага Тайбэя.

– Сёння я магу меркаваць пра конкурс і як былы ўдзельнік, і як эксперт, – гаворыць Уладзіслаў Краўцоў. – Самае важнае для канкурсанта на пляцоўцы – ні на што не зважаць і працаваць у сваё задавальненне. Многія зацыкліваюцца на памылках. Калі штосьці не атрымоўваецца – пачынаюць мітусіцца, панікаваць, клікаць на дапамогу. І страчваюць каштоўны час. Калі я быў канкурсантам і нешта ішло не так, я стараўся хуценька накідаць у галаве розныя варыянты і іх праверыць. Я ўмеў абстрагавацца ад навакольнай мітусні, праца была мне ў радасць.

Свой вопыт удзелу ў чэмпіянатах прафесійнага майстэрства Уладзіслаў стараецца перадаць беларускаму канкурсанту. Навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафтэхкаледжа Андрэй Ярмак трымаецца на пляцоўцы ўпэўнена, спакойна.

- На перапынках і пасля спаборніцтваў мы сустракаемся, абмяркоўваем, як будзем працаваць далей, - расказвае Уладзіслаў. - За тры дні Андрэю трэба выканаць тры модулі. Першы – па прапанаванай схеме здзейсніць мантаж электраабсталявання, маецца на ўвазе здача дома пад ключ. Другі модуль – пошук няспраўнасцей. У пакоі размешчаны шчыток, нашпігаваны розным абсталяваннем, правадамі – і канкурсанту прадэманструюць, як усё гэта працуе. Пазней арганізатары здзейсняць паломкі (перакінуць у іншае месца провад ці ўвогуле абрэжуць яго, што-небудзь падкладуць, каб не было кантакту і г.д.) – і за паўгадзіны канкурсант павінен выявіць кожную няспраўнасць, каб усё зноў працавала. Трэці модуль – праграмаванне. Складанасць заключаецца ў тым, што калі не зроблены першы модуль, да праграмавання канкурсант не дапускаецца, а значыць не набірае тут ніводнага бала. Пры выкананні ўсіх трох модулей сістэма павінна працаваць.

За тры дні спаборніцтваў кожны канкурсант сутыкаецца з сітуацыямі, калі даводзіцца прымаць нестандартныя рашэнні. Эксперты не маюць права дапамагаць сваім удзельнікам на пляцоўцы, таму самастойнасць канкурсанта – вялікая перавага.

Чэмпіянат WorldSkills – вельмі працаёмкае і псіхалагічна складанае спаборніцтва. У многіх камандах нават ёсць свой псіхолаг, які дапамагае канкурсантам справіцца з высокай нагрузкай.

Знаходзячыся тут, у Абу-Дабі, асабліва крыўдна атрымліваць паведамленні ад сяброў: “Ну як вы там адпачываеце?”. А ніяк! WorldSkills – гэта каласальная, неверагодна напружаная праца. Нездарма чэмпіянат часта называюць алімпійскімі гульнямі па прафесійным майстэрстве: тут, як і ў спорце, трэба выкладваюцца па максімуме. Нашы юныя ўдзельнікі кожную раніцу мараць пра тое, што пасля завяршэння работы паедуць на пляж (тут яшчэ лета). Але пад вечар, сыходзячы з пляцоўкі, разумеюць, што заўтра – новы конкурсны дзень, і трэба многае прааналізаваць з кіраўніком, дадумаць, знайсці нейкія новыя рашэнні, урэшце - паспаць.

Мне вельмі падабаюцца нашы канкурсанты. Яны ўпартыя, амбіцыёзныя і ўпэўненыя ў сабе. І нават інфармацыя пра тое, што іх выступленне ў Абу-Дабі праходзіць па-за конкурсам, не пагасіла маладога запалу. Мяркуецца, што ўсё ж такі будзе складзены рэйтынг, і нашы ўдзельнікі змогуць выявіць свае пазіцыі адносна іншых канкурсантаў. Гэта важна ведаць, бо наперадзе чакае Казань. Таму і нашы эксперты з раніцы да ночы працуюць на пляцоўках. Іх задача – выявіць хібы ў падрыхтоўцы канкурсантаў, занатаваць лепшы вопыт іншых краін, намацаць шляхі, якія прывядуць да мэты.