Спаборніцтва інтэлекту, творчасці і ўмелых рук

Кажуць, бясконца доўга можна глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як бяжыць вада і як працуюць людзі. І тут, на WorldSkills Asia ў Абу-Дабі, гэтыя жартаўлівыя словы набываюць асаблівы сэнс. Сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – гэта горад мільёнаў агней (аўтамабільных фар, бясконцых ліхтароў і вокнаў хмарачосаў). Вада тут сочыцца паўсюль: тонкія шлангі  рассцелены па зямлі, і кропельніцы ад іх падведзены пад кожную пальму і кожны кусцік. Вада дае гэтаму гораду жыццё, агні - напаўняюць яго радасцю.

А ў выставачным цэнтры Adnec Абу-Дабі працуюць маладыя людзі – удзельнікі чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills Asia, - умелыя, заўзятыя, творчыя. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты ўжо перамагалі ў сваіх краінах, і яны ведаюць смак поспеху. Сёння кожны з іх марыць выйграць, стаць першым сярод лепшых. І назіраць за гэтым спаборніцтвам інтэлекту, творчасці і ўмелых рук – сапраўднае задавальненне.

 

Аўторак быў першым спаборніцкім днём чэмпіянату. Нашы канкурсанты дэманстравалі сваё майстэрства ў 8 кампетэнцыях і пасля завяршэння работы падзяліліся ўражаннямі.

Так, у кампетэнцыі “Вэб-дызайн і распрацоўка” ўдзельнікам была прапанавана тэма “Мода - 2018”, патрабавалася стварыць адпаведны сайт для жаночай аўдыторыі. На гэтую мэту давалася 4 гадзіны.

- Рыхтуючыся да чэмпіянату я ведаў, што мяне чакае, - гаворыць студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Аляксей Крупскі. - У выніку зрабіў усё, што запланаваў, і нават крыху болей. Выканаў заданне за 3,5 гадзіны, а потым пераправяраў работу, выпраўляў нейкія дробязі. Таму ў цэлым я задаволены.

Аляксандр Кавалёў, студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, выступае ў кампетэнцыі “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”. У першы дзень спаборніцтваў ён ажыццяўляў настройку сеткавага абсталявання.

- Заданне было няпростае, і патрабавала сур’ёзнай падрыхтоўкі, - расказвае Аляксандр, – але я быў гатовы да работы, і сённяшні дзень смела магу занесці ў свой актыў. У сераду нас чакае наступны модуль, звязаны са стварэннем і настройкай віртуальных машын. Думаю, будзе вельмі цікава.

Па-сапраўднаму горача было на конкурснай пляцоўцы, дзе спаборнічалі зваршчыкі (сярод іх, дарэчы, ёсць адна дзяўчына з Інданезіі). Схаваўшыся за шырмамі ад цікаўных вачэй, яны павінны былі зварыць мудрагелісты сасуд. Для гэтага патрабавалася выкарыстаць 4 віды зваркі.

Як расказаў наш эксперт у кампетэнцыі “Зварка” выкладчык Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Генадзь Раманоўскі, якасць работы будзе правярацца неразбуральнымі і разбуральнымі метадамі. Ён запрасіў нас абавязкова прыйсці на выпрабаванні, бо гэта выглядае вельмі эфектна: у сасудзе ствараецца ціск, які ў 30 разоў перавышае ціск у аўтамабільнай шыне. Пры якаснай зварцы ніякіх пашкоджанняў быць не павінна.

Выпускнік Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, цяпер -  работнік НВА “Пасат” Аляксандр Фралоў выглядаў на пляцоўцы вельмі ўпэўнена. Немагчыма было параўноўваць, кожны зваршчык працаваў за сваёй шырмай, але работа менавіта Аляксандра выглядала вельмі прафесійнай.

Адзіная дзяўчына ў нашай камандзе студэнтка Беларускага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава Ірына Царык выступае ў кампетэнцыі “Графічны дызайн”. У першы дзень спаборніцтва яна павінна была распрацаваць фірменны стыль для рэальнай кампаніі з Абу-Дабі па арганізацыі перапрацоўкі розных відаў адходаў. У задачы была распрацоўка лагатыпу, айдэнтыкі – візуальнага складніка брэнда, закліканага павысіць яго пазнавальнасць і папулярнасць.

- З развіццём тэхнікі і камп’ютарных праграм колькасць часу на выкананне задання скарачаецца, - гаворыць эксперт у кампетэнцыі “Графічны дызайн” Таццяна Аляб’ева. – Напрыклад, летась на  чэмпіянаце свету на аналагічную работу давалася 8 гадзін, сёлета на WorldSkills Asia - 6 гадзін. Вядома, гэта істотна ўскладняе задачу. Удзельнікам даводзіцца не толькі выкарыстоўваць дызайнерскія навыкі, але і сачыць за часам.

Усе беларускія канкурсанты прызнаюцца, што азіяцкі чэмпіянат прафесійнага майстэрства – вельмі важны этап на шляху да міжнароднага першынства, якое пройдзе будучым летам у Казані (Расія).

- Мы маем выдатную магчымасць праверыць свае сілы, патрэніравацца ў сур’ёзных спаборніцкіх умовах і зразумець, у якім напрамку развіваць прафесійныя навыкі. І яшчэ - знайсці новых сяброў. З многімі, хто прыехаў на чэмпіянат у Абу-Дабі, мы сустрэнемся ў Казані, - гаворыць Аляксандр Кавалёў.

Такім чынам, першы дзень чэмпіянату прайшоў паспяхова – канкурсанты адчулі спаборніцкі дух і гатовы змагацца за высокія месцы.

Зрэшты, наконт таго, што можна бясконца глядзець на чалавечую працу, я ўсё ж такі пагарачылася. Зараз пішу гэты матэрыял, ужо 10 гадзін вечара, а некаторыя эксперты яшчэ знаходзяцца на конкурсных пляцоўках –падводзяць вынікі першага дня чэмпіянату. Якія балы атрымалі нашы канкурсанты? Пра гэта эксперты не расказваюць. Наперадзе яшчэ два дні спаборніцтваў, і важна не расслабіцца і не растраціць запал, захаваць жаданне працаваць і настрой на перамогу.