WorldSkills Asia: самае цікавае толькі пачынаецца

У выставачным цэнтры Adnec сталіцы Аб’яднаных арабскіх эміратаў прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця чэмпіянату WorldSkills Asia – Абу-Дабі 2018. Дадзены старт спаборніцтвам, якія пачнуцца ў аўторак раніцай.

 

Навыкі ў 23 кампетэнцыях будуць дэманстраваць навучэнцы ўстаноў адукацыі і маладыя спецыялісты з 21 краіны, сярод якіх – 8 канкурсантаў з Беларусі. Дарэчы, ад некаторых краін у асобных кампетэнцыях будуць выступаць не па адным, а па тры і нават чатыры ўдзельнікі. Таму канкурэнцыя будзе вялікай, а барацьба – напружанай.

Гэта было заўважна ўжо нават у панядзелак, калі канкурсанты атрымалі доступ да сваіх працоўных месцаў. Іх задачай было прыняць і пратэсціраваць абсталяванне, усё прыгатаваць для таго, каб са стартам спаборніцтваў адразу ўключыцца ў работу. Але і завяршыўшы неабходныя дзеянні, маладыя людзі не спяшаліся разыходзіцца. Было бачна, што іх думкі ўжо ў дні заўтрашнім, калі давядзецца сабрацца і паказаць усё, на што яны здатныя.

Конкурсныя заданні складаныя і разлічаны на тры дні сур’ёзнай работы. Кожны дзень – новы модуль. І ў экспертаў не будзе ніякай магчымасці дапамагчы сваім гадаванцам. Любая камунікацыя ў перыяд спаборніцтваў строга забаронена (нават абед у экспертаў і канкурсантаў будзе арганізаваны ў розны час). За выкананнем гэтага правіла сочыць галоўны эксперт пляцоўкі, і яго парушэнне цягне за сабой страту балаў.

Вельмі прыемным момантам, які падняў канкурсантам настрой напярэдадні спаборніцтваў, стала ўрачыстая цырымонія адкрыцця чэмпіянату. Гаспадары арганізавалі цікавую музычную імпрэзу ў нацыянальных традыцыях сваёй краіны і прыгожую прэзентацыю сцягаў краін-удзельніц. А потым на сцэну падняўся генеральны дырэктар Цэнтра тэхнічнай і прафесійнай адукацыі і навучання Абу-Дабі прэзідэнт асацыяцыі WorldSkills Asia Мубарак Саід Аль Шамсі. Ён вітаў усіх удзельнікаў і гасцей чэмпіянату і выказаў спадзеў, што ў Абу Дабі кожны з іх атрымае добры вопыт на карысць будучыні.

Спаборніцтвы WorldSkills — гэта свайго роду алімпійскія гульні, толькі не ў спартыўным, а ў прафесійным майстэрстве. Тут таксама ёсць запал, азарт, прага да перамогі. Таму, як і на спартыўнай алімпіядзе, удзельнікі даюць клятву змагацца сумленна і паважаць сапернікаў, а эксперты - судзіць аб'ектыўна.

***

2018 год абвешчаны ў ААЭ Годам шэйха Зайда ў гонар 100-годдзя яго нараджэння. Гэты чалавек ператварыў Абу-Дабі з невялікага пыльнага мястэчка ў квітнеючы мегаполіс, стварыў багатую дзяржаву – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і ўвайшоў у гісторыю як адзін з наймудрэйшых ў свеце лідараў, не маючы пры гэтым нават базавай школьнай адукацыі. І ўдзячны Абу-Дабі ў юбілейны год свайго вялікага шэйха жыве гонарам за тое, што ён быў, і памяццю пра яго. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця чэмпіянату нам паказалі фільм пра шэйха Зайда – гісторыю яго памкненняў, яго працы і поспеху.

- А ваша гісторыя пачынаецца зараз, - звярнулася да ўдзельнікаў чэмпіянату WorldSkills Asia вядучая цырымоніі. – Поспехаў вам!