WorldSkills Asia: трымаем кулачкі за нашых!

У панядзелак вечарам у Абу-Дабі стартуе чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Asia, і ў выставачным цэнтры Adnec, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, вядуцца апошнія прыгатаванні.

На кожнай конкурснай пляцоўцы – а спаборніцтвы будуць праходзіць па 21 кампетэнцыі (пераважна ІТ) – будуць абсталяваны месцы для кожнага канкурсанта, і тут будзе сканцэнтравана самае сучаснае абсталяванне ад вядучых сусветных вытворцаў. WorldSkills - гэта свайго роду “модны салон”, дзе можна ўбачыць найноўшыя ўзоры тэхнікі і тэхналогій.

У панядзелак, калі мантаж будзе поўнасцю завершаны, канкурсанты наведаюць свае пляцоўкі, каб прыняць абсталяванне і дэталі, з якімі ім давядзецца працаваць. Гэта вельмі важны этап падрыхтоўкі да конкурсу, бо, калі нейкія хібы выявяцца падчас спаборніцтваў, іх, канешне, выправяць, але будзе страчаны час і збіты тэмп работы. Таму кожны павінен уважліва абследаваць сваё працоўнае месца, каб яно было ідэальна падрыхтаваным да конкурса. Акрамя таго, гэта дазволіць маладым людзям “абжыцца” на новым месцы і асвоіцца псіхалагічна.

Нацыянальныя эксперты хвалююцца за сваіх гадаванцаў, бо канкурэнцыя вельмі моцная. На адных пляцоўках з беларускімі канкурсантамі будуць спаборнічаць удзельнікі з Японіі, Германіі, ЗША, Кітая, Індыі, Малайзіі, Расіі, Інданезіі, Паўднёвай Карэі і іншых краін. Усе каманды прыехалі ў Абу-Дабі з сур’ёзнымі намерамі змагацца і перамагаць.

Эксперт у кампетэнцыі “Электроніка” спецыяліст прадпрыемства “Інтэграл” Леанід Цераховіч расказаў, што ўдзел у такіх конкурсах, як WorldSkills Asia, вельмі важны. Тут можна атрымаць аб’ектыўную ацэнку бягучых навыкаў, ведаў і вопыту навучэнцаў устаноў адукацыі і маладых спецыялістаў, што дапамагае арганізаваць вучэбны працэс больш якасна і ў адпаведнасці з сучаснымі стандартамі.

- Ад конкурса мы чакаем атрымаць новы карысны вопыт, незалежную ацэнку кваліфікацыі нашага ўдзельніка, каб вызначыць напрамкі для далейшай падрыхтоўкі, - адзначыў Леанід Казіміравіч.

Адной з галоўных пераваг беларускага ўдзельніка ў кампетэнцыі “Электроніка” студэнта Мінскага дзяржаўнага радыётэхнічнага каледжа БДУІР Арцёма Сямірэнкі эксперт назваў высокі ўзровень ведаў у праграмаванні ўбудаваных сістэм на мікракантролерах, а таксама ўнутраны спакой, ураўнаважанасць, уменне аператыўна і асэнсавана ацэньваць сітуацыю, а таксама працаваць у камандзе. Гэтыя якасці вельмі важныя ва ўмовах конкурсу.

Нашы ўдзельнікі расказваюць, што многа і рупліва рыхтаваліся. Напрыклад, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Аляксей Крупскі выконваў розныя заданні з мінулых чэмпіянатаў, а потым аналізаваў іх са сваім выкладчыкам экспертам у кампетэнцыі “Вэб-дызайн і распрацоўка” Вольгай Рабычынай. А яшчэ ён наведваў курсы ў IТ-Academy, дзе атрымліваў хатнія заданні рознай складанасці.

- Я хачу паглядзець, наколькі я моцны ці слабы, - прызнаецца Аляксей. - Адна справа рыхтавацца дома, калі ніхто не перашкаджае, і зусім іншая - выконваць заданне на пляцоўцы. Хачу пагутарыць з удзельнікамі з іншых краін, даведацца, што яны могуць і як рыхтуюцца.

Ірына Царык, навучэнка мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, – наша канкурсантка ў кампетэнцыі “Графічны дызайн”. Да спаборніцтваў дзяўчыну рыхтавала яе выкладчык эксперт у згаданай кампетэнцыі Таццяна Аляб’ева.

- Самая лепшая падрыхтоўка – практыка, - кажа дзяўчына. – Разам з Таццянай Віктараўнай мы бралі заданні WorldSkills за 2017 год і адпрацоўвалі пункт за пунктам, высвятлялі ўсе нюансы і незразумелыя моманты. Калі конкурсныя заданні нейкім чынам пераклікаліся з семестравымі праектамі, я старалася выкарыстоўваць конкурсныя крытэрыі. Па сутнасці, самае галоўнае - гэта валодаць прафесійнай граматай і ўмець выконваць патрабаванні, а прыгожую абгортку нас навучылі рабіць яшчэ на першым курсе.

Ірына разлічвае, што конкурс у Абу-Дабі стане для яе добрай падрыхтоўкай да сусветнага чэмпіянату, які пройдзе ў будучым годзе ў Казані (Расія).

- Усё ж такі заданні будуць на англійскай мове, і замест Microsoft – iOS. Ды і ўмовы больш спартанскія - гэта ўжо не родная Беларусь, - разважае Ірына. - На конкурсе WorldSkills ты сам-насам з камп’ютарам, у абмежаваным часавым прамежку, з ледзянымі ад хвалявання рукамі - і ніхто не зробіць табе патуранне, бо ацэньваюць выключна тваю працу, а не цябе як “добрую дзяўчынку, давайце не будзем ёй ставіць дрэнную ацэнку”. Аднак я спадзяюся, што ўсё пройдзе добра, і наша беларуская каманда прывязе дадому перамогу.

Мы таксама спадзяёмся на годнае выступленне нашай зборнай у Абу-Дабі. У панядзелак увечары – урачыствае адкрыццё конкурса, а ў аўторак пачнуцца спаборніцтвы. Трымаем кулачкі за нашых!